История деревни Городная

 
У сэрцы палескага краю
На выспе з пяску між балот
Ёсць вёска адна – Гарадная,
Жыве ў ёй славуты народ.
 
Гаршкі каб павезці на сёлы,
Да вечара з ранняй зары
Тут круцяць ганчарныя колы
Кудзеснікі глін – ганчары.
 
Наўкола зялёнай сцяною
Сяло акружылі бары.
Тут летам, асенняй парою
Грыбоў колькі хочаш бяры.
 
А колькі тут пацерак–ягад
У балотах вакол Гарадной!
Таму на зямлі, можа,нават
Няма болей вёскі такой.
           
                                                                                                                               В. Казачок
 
 
                                                               Гарадная    
                                           
     Спачатку яна мела назву Гародна, потым - Гарадная.
Ёсць некалькі меркаванняў наконт паходжання нашай вёскі.
     Гэтую легенду расказала мне мая прабабуля Ганна, якая пражыла 86 гадоў.
 “Жылі на Палессі два браты. А калі выраслі, вырашылі пакінуць бацькоўскі кут. Старэйшы знайшоў сабе вольнае месца каля рэчкі, каб потым зарабляць на жыццё рыбнай лоўляй. А другі доўга шукаў мясціну. І вось, прабіраючыся між балотаў, недалёка ад невялікай рэчкі, ён убачыў пясчаную выспу – гару. Разгледзеўшы мясцовасць, знайшоў там залежы гаспадарчай гліны і вырашыў пасяліцца на гары, каб у будучым заняцца ганчарствам.                                                                                                                    Праз некаторы час да яго прыехаў брат. Убачыўшы высокую гару, усклікнуў: “Знайшоў, чым хваліцца! Гара адна!”.  З той пары і пайшла назва Гарадна”.
     А яшчэ кажуць, што гэтыя мясціны з непраходнымі пушчамі і балотамі аблюбаваў князь Давід-Гарадзенскі. І летапісы гавораць, што вотчына  князя Давіда-Гарадзенскага была ў вёсцы Гародна, якая знаходзілася паміж Пінскам і Туравам. Можа, таму самая прыгожая гара ў ваколіцах Гарадной называецца Замчышчам. Магчыма, там і быў замак князя Давіда- Гарадзенскага. Меркаванняў шмат, а вёска ёсць, жыве, як жыве і гісторыя пра яе жыхароў.
 Якія ж яны - гарадзенцы? Добрыя, працавітыя, смелыя - сапраўдныя мяшчане. Хоць гэтае слова мы мала ўжываем, але добра памятаем, што ў далёкім ХІХ стагоддзі нашы продкі пешшу хадзілі ў Пецярбург, каб вёсцы Гарадная быў вернуты статут горада. Ніхто з вышэйшых чыноўнікаў не верыў, што простыя людзі, ганчары, змогуць адстойваць свае правы нават у судзе. Але ж дарма, Гарадная ўсё ж такі атрымала Магдэбурскае права, свой герб, на якім адлюстраваны лось з залатымі рагамі ў срэбраным полі.
     Амаль шэсць стагоддзяў прайшло з таго дня, як вёска Гарадная была ўпамянута ў летапісе. Многа розных выпрабаванняў выпала на долю гарадзенцаў: набегі мангола-татар, паўстанні, войны. Не раз вёска была разбурана поўнасцю. Але людзі не скардзіліся на лёс. Усе цяжкасці перамагаліся ўпартасцю і працай. Умельцы-ганчары днём і ноччу круцілі ганчарныя колы, вырабляючы прогожыя збаны, гаршкі, міскі, якія потым прадаваліся не толькі на Беларусі, але і за яе межамі. У вёсцы бытаваў такі звычай: калі хлопец не ўмеў рабіць гаршкі, то дзяўчына не ішла за яго замуж. Ганчарства было хлебам надзённым для вяскоўцаў.  Гэтым рамяством у Гарадной займаюцца і па сённяшні дзень. Але ганчароў з кожным годам становіцца ўсё менш і менш. Хаця, я думаю, што ганчарнае майстэрства не знікне, бо ў вёсцы адкрыўся Цэнтр ганчарства, дзе вучацца рабіць ганчарныя вырабы вучні нашай школы.
    Вёска не страціла сваёй самабытнасці і непаўторнасці. І да гэтага часу жывуць на гараднянскай зямлі вольналюбівыя і працавітыя людзі, якія не забываюць рамяство сваіх продкаў, шануюць сваю зямлю, упрыгожваюць яе, ахоўваюць родную прыроду.                                                                                                                                             З кожным годам наша вёсачка прыгажэе. Напрыканцы 2011 года ў Гарадной праведзены прыродны газ. Неўзабаве плануецца пабудаваць комплекс па перапрацоўцы пяску, залежы якога знаходзяцца каля вёскі. Значыць, у нас ёсць будучыня: пабудуюцца новыя дамы, магчыма, нават з’явяцца вуліцы, дзе паселяцца выпускнікі нашай школы. Ніхто з іх не захоча пакідаць сваю родную вёску, бо тут іх любяць, шануюць, тут іх карані. Я хачу нагадаць прыказку: “Няма лепш тое хаткі, дзе радзіла мяне матка”.   Я буду жыць там, дзе я нарадзіўся, і з гонарам расказваць пра вёску сваім дзецям.
 
       Намінацыя “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Гмір Павел, вучань 8 класа Гараднянскага вучэбна-педагагічнага комплексу ясляў-сада сярэдняй школы Столінскага раёна, Брэсцкай вобласці. Кант. Тэл. –  01655 - 36-5-80