Школьный музей

 

 

       Гісторыка – краязнаўчы музей        

      

                                      

 

    Цэнтрам грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі ўстановы адукацыі “Гараднянскі вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад -  сярэдняя школа”  з’яўляецца школьны гісторыка-краязнаўчы музей.  Ён мае даўнюю гісторыю.  Першапачаткова быў заснаваны ў 1976 годзе  як гістарычны музей Гараднянскай сярэдняй школы.  У 2003 годзе  музей быў перанесены ў іншае (большае па плошчы) памяшканне, створаны новыя экспазіцыі, ён перакваліфікаваны як гісторыка-краязнаўчы музей.

 

  Галоўныя задачы гісторыка-краязнаўчага музея

  1. даследаванне гістарычнага мінулага роднага краю, яго прыродных рэсурсаў, насельніцтва і яго гаспадарчай дзейнасці;
  2. Вывучэнне традыцыйных народных промыслаў, гісторыі развіцця ганчарства, яго сучасны стан;
  3. развіццё ў кожным школьніку творчых здольнасцей, інтарэсу да пазнання мінулага і сучаснага свайго краю;
  4. выхаванне пачуцця любові і глыбокай павагі да сваёй малой радзімы, а праз яе да ўсёй краіны – Рэспублікі Беларусь.

 

Школьны гісторыка-краязнаўчы музей уключае наступныя экспазіцыі:

  1. Гісторыя роднай вёскі

(распавядае аб часе ўзнікнення Гарадной, паходжанні назвы вёскі, яе далёкім мінулым і сучасным)

  1. Нішто не забыта, ніхто не забыты

(экспазіцыя прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне)

  1. Гісторыя развіцця адукацыі ў вёсцы
  2. Ад прадзедаў спакон вякоў

(гісторыя развіцця ганчарнага рамяства ў вёсцы Гарадная, знаёмства з працай ганчара, з выдатнымі майстрамі-ганчарамі нашай вёскі)

  1. Прылады працы нашых землякоў

(знаёмства з прыладамі працы нашых землякоў у далёкім мінулым, знаёмства з народнымі промысламі – вышыўкай і ткацтвам) 

  

Гісторыя  роднай вёскі

 

 Дакладных звестак пра час заснавання нашай вёскі няма, але наяўнасць астаткаў землянога ўмацавання, што знаходзіца на паўночным усходзе ад вёскі гаворыць аб старажытным яе паходжанні.

 

У дакументах 1448 года сярод пагранічных з Валынню крэпасцей успамінаецца Гародна (першапачатковая назва нашай вёскі).  Гэтая дата і з’яўляецца годам заснавання Гарадной

 

У 1579 годзе Гарадной было падаравана Магдэбурскае гарадское права і герб – выява лася з залатымі рагамі ў сярэбраным полі.

  

                         Нішто не забыта, ніхто не забыты

 

 

Жудасныя выпрабаванні прыйшліся на гады Вялікай Айчыннай вайны.  У 1942 годзе фашысты знішчылі 232 жыхары вёскі і спалілі за сувязь з партызанамі 58 двароў.  Хутар Расошкі быў спалены поўнасцю.  Зямля гэтага населенага пункта пакоіцца на могілках загінуўшых вёсак у Хатыні.

     Вёска была вызвалена ад фашыстаў 12 ліпеня 1944 года.    Пры вызваленні вёскі загінулі 76 воінаў рознай нацыянальнасці: беларусы, рускія, украінцы, башкіры, армяне, азербайджанцы.

     На франтах Вялікай Айчыннай вайны загінулі і прапалі без вестак 62 чалавекі, ураджэнцы нашай вёскі.

           

Гісторыя развіцця адукацыі ў вёсцы

 

     У 1863 годзе ў Гарадной была заснавана школа граматы, у якой навучалася 22 хлопчыкі.  Навучанне платнае, тэрмін 1-2 гады, вучыліся па хатах.

     У 1925 годзе ў вёсцы пачала дзейнічаць польская школа,  у якой навучалася 2 класы, навучанне платнае, вучыліся па хатах.

    У 1935 годзе па рашэнню польскай гміны, пры падтрымцы вяскоўцаў быў пабудаваны новы драўляны аднапавярховы будынак школы ў цэнтры вёскі.        

    У гады вайны школа была спалена фашыстамі.

 

   У 1947 годзе навучанне дзяцей было адноўлена. Спачатку навучаліся па хатах, а 1961 годзе быў пабудаваны новы будынак школы.

 Насельніцтва Гарадной у той час павялічвалася вельмі хутка і неўзабаве паўстала неабходнасць у будаўніцтве новай школы. 

    У лістападзе 1967 года прыняла сваіх першых вучняў новая трохпавярховая школа, якая размясцілася на паўднёвай ускраіне вёскі.

Ад прадзедаў спакон вякоў

Гісторыя развіцця ганчарнага рамяства налічвае многія стагоддзі.  Багатыя залежы высокаякасных глін, бедныя неўрадлівыя глебы вакол Гарадной і вызначылі занятак насельніцтва. Быў час калі ў Гарадной налічвалася больш за 500 ганчароў, а Гараднянскі тып белаглінянай керамікі ведалі далёка за межамі Беларусі.

Галоўныя атрыбуты ганчарнага рамяства – гліна, ганчарны круг, горан і рукі майстра.

 Асартымент ганчарных вырабаў разнастайны: гаршкі розных памераў “мамзель”, “семак”, “нярознак”, пададзінец”, “адзінец”;  міскі, банькі, кубкі, слаі, макітры, глечыкі, вазонніцы, падсвечнікі, вазы.

   У 2003 годзе у Гараднянскім сельскім Доме культуры быў адчынены  Цэнтр ганчарства, з мэтай адраджэння ганчарнага рамяства.  Тут створаны музей ганчарства, працуе школа ганчарнага рамяства для дзяцей і моладзі.    На базе Цэнтра ганчарства праведзены чатыры Міжнародныя пленеры ганчароў.

            

                          Прылады працы нашых землякоў

 Сабраны прылады працы, якія выкарыстоўвалі гарадзенцы ў далёкім мінулым.  Тут і ступа для абдзіркі проса, драўляныя качалкі, жалезны прас, прачы для абмалоту ільну, “потэсь”, пралка, дзежка, драўляныя начоўкі і іншыя.

 

 У той час, калі мужчыны займаліся ганчарнай справай іх жонкі і дочкі, пралі, ткалі, вышывалі карціны, рушнікі, абрусы, шторы, шылі вопратку.

 Такія святочныя строі насілі жанчыны нашай вёскі ў пачатку 20-га стагоддзя

 Сама прырода падаравала нам сапраўдныя скарбы: багатыя залежы гліны, пяску, стройныя сасновыя бары, бярозавыя гаі ў якіх шмат ягад і грыбоў, цудоўных людзей, якія сваёй справай славяць вёску.  І ўсё гэта мы павінны любіць і берагчы.

Палі, лясы, ды пералескі,

І гоман птушак між галля.

У весну першыя пралескі –

Усё гэта родная зямля.

Бярозкі – сёстры на ўзлессі

І крык у небе жураўля –

Усё гэта мілае Палессе,

Усё гэта родная зямля.

Імкне ўдаль птушыны вырай,

Ды ў гнёзды вернецца пасля:

Няма старонкі болей мілай,

Чым свая родная зямля.

З твайго не рвуся я палону

Спяшаюся дамоў здалля.

Бо наймілейшая да скону

Святая прадзедаў зямля.

 

 

 

Характарыстыка работы музея  за перыяд

2011 – 2017 гг

 Гісторыка – краязнаўчы музей установы адукацыі “Гараднянскі вучэбна – педагагічны комплекс яслі – сад сярэдняя школа” у перыяд 2011-2017 гг. працаваў згодна з перспектыўным планам работы музея. План прадугледжвае работу музея па наступных накірунках:

  1. Улік і захаванне экспанатаў асноўнага і дапаможнага фондаў музея
  2. Работа па папаўненню музея новымі экспанатамі
  3. Работа па абнаўленню экспазіцый музея
  4. Экскурсійная работа
  5. Даследчая работа
  6. Супрацоўніцтва з Цэнтрам ганчарства

 У музеі вядзецца кніга ўліку асноўнага і дапаможнага фонда, праводзіцца ўлік экспанатаў. На працягу дзесяці гадоў на базе музея працуе краязнаўчы гурток “Мой край”, члены якога з’яўляюцца  актыўнымі памочнікамі настаўніка ў даследаванні роднага краю.  За апошнія гады былі сабраны новыя экспанаты, перададзеныя мясцовымі жыхарамі.  Гэта ганчарны круг, канца 19 стагоддзя, гліняныя вырабы, вышыўкі, тканыя вырабы.

 Абнаўляючы экспазіцыю музея “Нішто не забыта, ніхто не забыты” аформлены папкі: “Спіс воінаў – вызваліцеляў вёскі Гарадная”, “Воіны – землякі, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і прапалі без вестак”.      Кожны год праводзяцца сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ім аказваецца дапамога ў вядзенні дамашняй гаспадаркі. Вучні школы даглядаюць помнік воінам – вызваліцелям у цэнтры вёскі і помнік ахвярам вайны на паўднёва-усходняй ускраіне вёскі.

 Абноўлена экспазіцыя музея “Гісторыя школы”, сабраны матэрыял аб былых дырэктарах школы -  Казуліну Васілію Данілавічу і Захарэвічу Георгію Паўлавічу.

Папоўнілася новымі экспанатамі экспазіцыя “Прылады працы нашых землякоў”.  Гэта тканыя  абрус і рушнік 30-х гадоў 20 стагоддзя, вышываныя навалакі і просціна, даматканая дарожка.                                                                Падрыхтаваны юныя экскурсаводы, якія праводзяць экскурсіі для малодшых школьнікаў, школьнікаў сярэдняга і старэйшага звяна. Музей наведваюць і настаўнікі школ раёна, якія ўдзельнічаюць у рабоце метадычных аб’яднанняў настаўнікаў.

 Вучні прымаюць удзел у даследчай рабоце.

У 2012 годзе была даследавана дэмаграфічная сітуацыя населеных пунктаў Гараднянскага сельскага савета, аформлена навукова-даследчая работа, з якой вучаніца 10 класа Кісель Ірына (цяпер студэнтка Палескага універсітэта) выступіла на раённай навукова – практычнай канферэнцыі ў секцыі “краязнаўства” і атрымала 2-е месца. Работа была прадстаўлена на абласной навукова – практычнай канферэнцыі, дзе атрымала падзячны ліст.

 Зараз гурткоўцы даследуюць сучаснае становішча ганчарнага рамяства, збіраюць матэрыял аб ўдзельніках Міжнародных пленэраў ганчароў, пішуць гісторыю стварэння Цэнтра ганчарства.

 Музей цесна супрацоўнічае з Цэнтрам ганчарства.  Вучні пастаянна наведваюць Цэнтр ганчарства, Хату ганчара.  Многія хлопчыкі заахвоціліся да ганчарнай справы і наведваюць школу ганчарства, якая працуе ў Цэнтры ганчарства.  Сумесна з Алімпіядай Дзмітрыеўнай Леанавец, былой загадчыцай Цэнтра ганчарства, падрыхтаваны юныя экскурсаводы, якія могуць правесці экскурсіі у Цэнтры ганчарства і азнаямленчую экскурсію па вёскы. 

Юны экскурсавод – Палешка Вольга, вучаніца 9 класа прыняла ўдзел у абласной акцыі  “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, намінацыя  “Сельскія населеныя пункты”.