История школы

ГІСТОРЫЯ ШКОЛЫ

Развіццё адукацыі ў вёсцы Гарадная пачалося з 1863 года, калі ў вёсцы была заснавана школа граматы, у якой навучалася першапачаткова 12 хлопчыкаў. Школы граматы стваралі самі сяляне.  Навучанне было платнае, працягвалася  адзін,  радзей – два  гады. Школьнае памяшканне – звычайная сялянская хата. Дзеці вучыліся па чарзе ў хатах тых, хто навучаўся. Гаспадар, у хаце якога праходзіла навучанне, павінен быў карміць настаўніка. Вучыліся хлопчыкі чытаць, пісаць, лічыць.

    У 1890/91 годзе ў Гарадной была заснавана царкоўна-прыходская школа ў якой навучалася 22 хлопчыкі. Школа была аднакласная (навучанне вялося на працягу двух гадоў). Палова ўсяго вучэбнага часу адводзілася на рэлігійнае навучанне, а другая палова – на пісьмо, чытанне і пачаткі арыфметыкі. 

Кіраўніком школы і галоўным выкладчыкам быў святар. Навучэнцы забяспечваліся бясплатнымі падручнікамі і школьнымі дапаможнікамі, але ўласнага памяшкання школы не было. Царкоўна-прыходская  школа дзейнічала ў вёсцы да пачатку Першай сусветнай вайны.

   Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавору паміж Савецкай Расіяй і Польшчай  у 1921 годзе Століншчына, і ў тым ліку вёска Гарадная, апынуліся ў складзе Польшчы.

  Польскія ўлады ўвялі ў Заходняй Беларусі абавязковае школьнае навучанне, згодна з якім усе дзеці ад 7 да 14 гадоў павінны былі наведваць школу.  Навучанне ажыццяўлялася на дзяржаўнай  польскай мове. У Рыжскім мірным дагаворы былі закладзены перадумовы для адкрыцця нацыянальных школ. Галоўны аргумент – пераважная колькасць насельніцтва – асобы  няпольскай нацыянальнасці: беларусы, яўрэі, украінцы. Але на справе ва ўсіх  школах навучанне вялося на польскай мове.

  Школа з польскай мовай навучання пачала працаваць у вёсцы Гарадная з 1925 года. Гэта была школа першай ступені, якая мела чатыры класы, у якой першапачаткова навучалася 40 вучняў, пераважна хлопчыкаў.  Уласнага памяшкання школы не было, дзеці навучаліся па хатах. Навучанне было платнае.

  У 1932 годзе польскі ўрад правёў школьную рэформу. Усе школы падзяліліся на тры ступені. 1 – 4 класы – першая ступень, 5 – 6 – другая ступень, 7 клас – трэцяя ступень. Пасля рэформы навучанне стала бясплатным. Бацькі плацілі за падручнікі і школьныя дапаможнікі.  Большая колькасць вучняў заканчвалі навучанне першай ступенню. Ніякага прымусу з боку дзяржавы ў справе навучання не было.

  У 1935 годзе  па рашэнні польскай гміны  сіламі вяскоўцаў  быў пабудаваны новы аднапавярховы драўляны будынак школы ў цэнтры вёскі (прыкладна там, дзе сёння знаходзіцца будынак “Аддзяленне сувязі”) у выглядзе літары “Г”. Асноўнымі прадметамі былі польская мова, арыфметыка, прыродазнаўства. У польскай школе дазвалялася фізічнае пакаранне вучняў. У гады вайны будынак школы згарэў датла.

(Малюнак школы зроблены Казачком В.А. па ўспамінах старажылаў вёскі).

 

  Адным з першых выпускнікоў 3-й ступені польскай школы з’яўляецца Адам Васільевіч Палешка, які ў 1939 годзе скончыў 7 класаў. Адам Васільевіч – удзельнік  Вялікай Айчыннай вайны. У студзені 1945 года ён збіў нямецкі самалёт, за што быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-ой ступені. Беражліва захоўвае Адам Васільевіч усе свае ваенныя медалі:   “За баявыя заслугі”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”.

  Ужо ў сталым узросце абраў Адам Васільевіч шлях свяшчэннаслужыцеля.  У 1973 годзе архіепіскап Антоній Мельнікаў рукапалажыў яго на сан свяшчэнніка прыхода Свята-Троіцкай царквы вёскі Гарадная. І справе гэтай верай і праўдай служыў Адам Васільевіч да 2005 года, калі па стане здароўя пайшоў на пенсію.

      Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР у1939 годзе  значная ўвага надзялялася школьнаму навучанню на роднай мове. У 1940 годзе ў Гарадной пачала працаваць няпоўная сярэдняя школа, якая налічвала 52 вучні. Заняткі праводзіліся ў будынку былой польскай школы, матэрыяльнае забеспячэнне было вельмі слабае: не хапала падручнікаў, вучэбных дапаможнікаў, матэрыялаў для пісьма. У школе працавала толькі тры настаўнікі.

   Вялікая Айчынная вайна надоўга спыніла адукацыйны працэс.    У ліпені 1941 года вёска была акупіравана гітлераўцамі. У 1942 годзе фашысты спалілі 58 двароў, забілі 232 мірныя  жыхары. Быў спалены датла і будынак школы. Вызвалена вёска Гарадная ад фашысцкіх захопнікаў 12 ліпеня 1944 года.    У 1947 годзе адукацыя ў вёсцы была адноўлена.

Спецыяльнага школьнага памяшкання не было да 1960 года. Навучаліся дзеці па вясковых хатах. Арандавалі дамы вяскоўцаў Вяроха Халімона, Фастовіч Анастасіі, Гміра Фёдара, Гміра Кірыла, Гмір Любові, Лічэўскага Сямёна, “папова хата” (знаходзілася там, дзе сёння застава), таксама яўрэйскія дамы: “хата Ноймы”, якая знаходзілася ў канцы вуліцы Гміровай, “Ёсёва хата” – па  вуліцы Майскай (да вайны ў вёсцы жыло многа яўрэяў).

 

                                        Хата Вяроха Халімона

 

                                   

                                     Хата Фастовіч Анастасіі

 

  У хаце Вяроха Халімона была і канцылярыя. Там праводзіліся педагагічныя нарады, бацькоўскія сходы. Тут знаходзіўся і дырэктар – арганізатар  усяго вучэбнага працэсу. Першым пасляваенным дырэктарам  быў Шарыга Мікалай Пятровіч.

  З вялікімі  цяжкасцямі сутыкнуліся і вучні, і настаўнікі ў першыя пасляваенныя гады. Не хапала падручнікаў (на 5-6 вучняў быў адзін буквар), сшыткаў, пісалі спачатку алоўкамі, а потым пер’явымі чарнільнымі ручкамі. Урокі рыхтавалі пры святле запаленай лучыны. Школьныя рэчы насілі ў палатнянай торбачцы.

  У першыя пасляваенныя гады складанае становішча склалася з прыцягненнем дзяцей да вучобы. Галоўныя прычыны слабага наведвання  заняткаў – занятасць хатняй гаспадаркай, асабліва там, дзе бацькі не вярнуліся з вайны, адсутнасць цёплай вопраткі (у зімовы час заняткі ў школе наогул не праводзіліся), многія падлеткі, асабліва дзяўчынкі-пераросткі, саромеліся садзіцца за парту з меншымі школьнікамі.

  У 50-я гады хату Ноймы разабралі, перавезлі яе і дабудавалі да “паповай хаты”. Атрымаліся два вялікія класы, бібліятэка, піянерскі пакой. У двары была абсталявана спартыўная пляцоўка. Са спартыўнага інвентару было некалькі пар лыж і конь. Школьная мэбля была самаробная – драўляныя сталы і табурэткі. Дырэктарскую пасаду займаў у гэты час Башкатаў.

                                     

                                Вучні са сваёй настаўніцай (1950 г.)

 

                                        Сяброўкі-настаўніцы (1952 г.)

 

  З 1949 па 1956 год дырэктарскую пасаду займаў Андрэй Іванавіч Казлякоўскі. У 1952/1953 навучальным годзе намеснікам дырэктара была Астракова А.Е.  Працавалі ў той час такія настаўнікі: Казлякоўская Яўгенія Гардзееўна, Іўковіч Ларыса Сцяпанаўна, Мурачкоўская Ніна Пятроўна, Ярмоленка Марыя Пятроўна, Крывашэіна Ганна Мікітаўна, Рэй Матрона Васільеўна, Магільная Марыя Яўменаўна, Купрыянчык Паліна Якаўлеўна, Некрашэвіч Іван Пятровіч, Сакалоўская Марыя Міхайлаўна, Астапенка Надзея Цярэнцьеўна, Хадаровіч Васіль Маркавіч.

  У школе навучалася 294 вучні з 1 па 7 клас. Усіх класаў-камплектаў было 10. 43 чалавекі былі не ахоплены вучобай. Была створана піянерская арганізацыя, якая налічвала 210 піянераў, 12 вучняў былі членамі камсамольскай арганізацыі.

 

 

            Настаўніцкі калектыў. Андрэй Іванавіч Казлякоўскі ў цэнтры

   У 1953/1954 навучальным годзе навучалася 316 вучняў, 25 чалавек былі не ахоплены вучобай.

  Вучні вельмі дрэнна наведвалі школу, асабліва тыя, якія жылі на хутарах.  Можа таму было вельмі многа другагоднікаў. Напрыклад, у 1953 годзе на другі год было астаўлена 27 вучняў. На кожным педагагічным савеце разглядалі пытанні наведвання заняткаў. Настаўнікі, якія наведвалі вучняў, так тлумачылі іх адсутнасць з вуснаў бацькоў: “Будзе хадзіць, калі ягады паносім, пасвіць жывёлу ў Радчыцку, прыйдзе ў школу, калі жывёла стане на стойла, павёз гаршкі з бацькам на сёлы, не можа хадзіць, бо няма вопраткі, або проста – не хоча вучыцца, як я яго застаўлю”.

  Былі такія бацькі, якія наогул адказваліся пускаць дзяцей у школу. Таму з дапамогай сельскага Савета, участковага інспектара быў арганізаваны таварысцкі суд, на які запрашалі такіх бацькоў. Там іх угаворвалі, пагражалі і нават штрафавалі.

  У сувязі з тым, што вучні з хутароў вельмі дрэнна наведвалі школу, з мэтай ахапіць навучаннем усіх дзяцей школьнага ўзросту, у 50-я гады было прынята рашэнне аб адкрыцці пачатковых школ у Калоніі, Лучыцах і  Пясова. Пад школьнае памяшканне арандавалі дамы вяскоўцаў. Дзякуючы гэтаму, удалося вырашыць пытанне аб наведванні школы вучнямі.  Дзеці атрымлівалі пачатковую адукацыю па месцы жыхарства, а потым большасць  прыходзілі ў 5 клас у Гарадную. 

     Колькасць насельніцтва ў гэтых населеных пунктах павялічвалася і паўстала неабходнасць будаваць новыя школы.  Напрыклад,  Калонія-Гараднянская пачатковая школа ў 1969 годзе налічвала 36 вучняў. У 1986 годзе ў Новым Пасёлку і ў Пясове былі пабудаваны новыя школы.

 

 

                Будынак былой пачатковай школы ў вёсцы Пясова

 

 

       

       Будынак былой пачатковай школы ў вёсцы Новы Пасёлак

 

 У 2002 годзе рашэннем Столінскага выканаўчага камітэта гэтыя школы былі закрыты.

 

 У 50-я гады настаўнікі працавалі не толькі з вучнямі. Яны таксама выконвалі праграму ўсенавуча. Вечарам у школу прыходзілі дарослыя, якіх настаўнікі вучылі чытаць і пісаць. Напрыклад, у 1953 годзе такіх вучняў было 103 чалавекі.

  Паступова расла цікавасць дзяцей да вучобы, мянялі ў лепшы бок свае прынцыпы бацькі, і пытанне наведвання школы стала не такім вострым. Усё больш і больш вучняў  жадалі атрымаць сямігадовую адукацыю.

  Пасля заканчэння сямігодкі многія выпускнікі працягвалі навучанне ў тэхнікумах , а затым і ў вышэйшых навучальных установах.

   

   

                  Пасведчанне аб сямігадовай адукацыі

    Напрыклад, Іван Васільевіч Яроміч у 1947 годзе ў 10-гадовым узросце пайшоў у першы клас.  У 1954 годзе скончыў сямігодку і паступіў вучыцца ў Пінскае медыцынскае вучылішча. Пасля заканчэння вучылішча і службы ў радах Савецкай Арміі паступіў у Мінскі медыцынскі інстытут. Пасля заканчэння інстытута працаваў урачом-хірургам у Пінскай гарадской бальніцы. На працягу 28 гадоў узначальваў Пінскае медыцынскае вучылішча.

  

                                                  Колькасць вучняў хутка павялічвалася. Ужо не хапала арандуемых памяшканняў, і для старэйшых класаў дадаткова арандавалі дамы Вячоркі Івана і Рэзановіча Ігната па вуліцы Палявой.  Заняткі вяліся ў дзве змены.  Была высокая цякучасць педагагічных кадраў, часта мяняліся дырэктар, завуч. Матэрыяльная база заставалася вельмі слабой.

 

 

                                         Педагагічны калектыў (1957 г.)

 У 1957/1958 навучальным годзе дырэктарам школы працаваў Хлебавец Яўген Іванавіч.

  У 1958/1959 навучальным годзе дырэктарам стаў Бічан Васілій Максімавіч, завучам – Карсека Міхаіл Міхайлавіч. Калектыў настаўнікаў налічваў 18 чалавек.  

  Нарэшце ў 1959 годзе было прынята рашэнне аб будаўніцтве ў вёсцы новай школы. Узначаліў будаўніцтва школы дырэктар  Бічан Васілій Максімавіч.  

 

                                

                                         Настаўніцкі калектыў у 1959 годзе. 

Бічан Васілій Максімавіч у цэнтры

                                                                                                                                                       Сіламі вяскоўцаў школа была пабудавана вельмі хутка, ужо ў 1960 годзе яна прыняла сваіх вучняў.  У гэтым жа годзе быў прызначаны і новы дырэктар школы Казулін Васілій Данілавіч.

 

                                       Васілій Данілавіч Казулін з жонкай Нінай Ефімаўнай,                                        якая доўгі час  працавала школьным бібліятэкарам

 

          Васілій Данілавіч разам з членамі педкалектыву ля помніка  воінам-вызваліцелям в.Гарадная

  

 

 

                     

                      Члены педагагічнага калектыву ў 60-я – 70-я гады

  1 верасня 1960 года за парты селі 354 вучні ў 14 класах-камплектах.  Упершыню былі адкрыты два сёмыя класы па дваццаць вучняў у кожным.

Адукацыйны працэс ажыццяўлялі 22 члены педкалектыву.

 

                   Былы будынак школы, пабудаваны ў 1960 годзе

 

  У 1963 годзе  ўпершыню быў адкрыты дзявяты клас растучай сярэдняй школы, у якім навучалася 23 вучні.

  У 1966 годзе адбыўся першы выпуск сярэдняй школы. 11 класаў скончылі 16 вучняў, 10 класаў – 18 вучняў.

  У 60-70-я гады ў Гараднянскім сельскім Савеце адзначана самая высокая нараджальнасць, таму колькасць вучняў пастаянна павялічвалася, а магчымасці школы былі абмежаваны. Увесь час прыходзілася арандаваць хаты вяскоўцаў.

    І вось у лістападзе 1967 года гасцінна адчыніў свае дзверы новы тыпавы трохпавярховы будынак Гараднянскай сярэдняй школы на 642 месцы, які размясціўся на паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі.

 

    Утульныя, светлыя, прасторныя класы і калідоры сустрэлі вучняў.

У новай школе былі добра абсталяваны на той час кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі, школьныя майстэрні тэхнічнай і абслуговай працы, спартыўная і актавая  залы.

 

                                                          Кабінет фізікі

 

 

                                           Спартыўная зала

 

                                                  Актавая зала

 Працавала школьная сталовая, дзе вучні маглі набыць гарачае харчаванне.

 

                            Сучасны выгляд школьнай сталовай

  На прышкольнай тэрыторыі размясціліся спартыўны стадыён, прышкольна-вопытны ўчастак.

   У 1968 годзе Дзераўнянская васьмігадовая школа, якая мае даўнюю гісторыю,  была рэарганізавана ў пачатковую, а вучні з 5 па  8 класы перайшлі ў новую Гараднянскую сярэднюю школу.

  Школа граматы ў Дзераўной пачала працаваць яшчэ ў канцы 19 ст. У 1910 годзе быў пабудаваны цагляны будынак школы. Навучанне вялося да Першай сусветнай вайны. З 1925 па 1939 школа была польскай, з 1940 па 1941 – савецкай. Пасля вайны навучанне было адноўлена ў 1946 годзе ў будынку школы, які ўцалеў пасля вайны.  Спачатку была сямігодка, потым –   васьмігодка . У 1959 годзе школа была дабудавана. У 60-я гады ў Дзераўной працавала і вячэрняя сярэдняя школа.

   Дырэктарам школы ў гэты час працаваў Старавойтаў Рыгор Міхайлавіч. У 1966 годзе Дзераўнянская васьмігадовая школа налічвала 105 вучняў і 15 членаў педагагічнага калектыву. Сярод іх працавалі настаўнікі:    Старавойтава Валянціна Сцяпанаўна, Вабішчэвіч Ніна Антонаўна, Глушанюк Лідзія Сямёнаўна, Леанавец Сяргей Паўлавіч, Леанавец Сафія Данілаўна, Дубойскі Міхаіл Антонавіч, Перац Надзея Якаўлеўна, Супрун Ніна Ульянаўна, Леанавец Ірына Сцяпанаўна.

  З 1968 па   1997 у Дзераўной працавала пачатковая школа.

   У Гараднянскай сярэдняй школе навучаліся вучні з 9  населеных пунктаў.  Арганізаваны падвоз вучняў не адбываўся. Таму ў 1970 годзе быў пабудаваны школьны інтэрнат, які быў знішчаны пажарам у кастрычніку 1979 года.  Праз год, у 1980 годзе, быў пабудаваны новы цагляны будынак школьнага інтэрната, які прыняў 60 вучняў з аддаленых населеных пунктаў.  Загадчыцай інтэрната працавала Леанавец Тамара Канстанцінаўна.

   У 1980 годзе Гараднянскую сярэднюю школу ўзначаліў Захарэвіч Георгій Паўлавіч. Дырэктарскую пасаду Георгій Паўлавіч займаў да 1997 года, да выхаду на заслужаны адпачынак.

 

 

                 Дэзактывацыя школьнай тэрыторыі ў 1986 годзе

 Шмат увагі надаваў Георгій Паўлавіч Захарэвіч паляпшэнню матэрыяльнай базы школы, павышэнню вучэбна-выхаваўчага працэсу, аднаўленню ганчарнага рамяства ў вёсцы, патрыятычнаму выхаванню вучняў.

  Склалася добрая традыцыя ўшанавання памяці загінуўшых ў гады вайны аднавяскоўцаў і воінаў-вызваліцеляў вёскі Гарадная ў Дзень Перамогі – 9 мая.

  Вучні школы ў суправаджэнні настаўнікаў, школьным аўтобусам накіроўваліся на экскурсіі ў Брэсцкую крэпасць-герой. Курган Славы, Хатынь.

 

         

              Вучні і настаўнікі школы ў час экскурсіі на Курган Славы

 

 

                          Вучні ў час экскурсіі на Замкай гары

 

         Святкаванне 40-годдзя Перамогі над фашысцкай Германіяй

  З 1 верасня 1994 года пачаў ажыццяўляцца арганізаваны падвоз вучняў з усіх населеных пунктаў школьным аўтобусам. Інтэрнат быў зачынены.

   У 60-я-70-я гады 20 ст. назіраецца высокая нараджальнасць ва ўсіх вёсках сельскага Савета, маладыя людзі ствараюць сем’і і застаюцца ў вёсцы, таму колькасць вучняў пастаянна павялічваецца.

  Колькасць вучняў павялічвалася да 1974 года, а потым пачала памяншацца.

Да 1979 года адбывалася паступовае, а пасля пачалося рэзкае памяншэнне колькасці вучняў. 

 1974 год – 807 вучняў

 1975 год – 784 вучні

 1976 год – 768 вучняў

 1977 год – 735 вучняў

 1978 год – 736 вучняў

 1979 год – 737 вучняў

 1989 год – 441 вучняў

 1997 год – 361 вучань

 1999 год – 304 вучняў

 2009 год – 139 вучняў

 2015 год –   79 вучняў

  Такая сітуацыя характэрна для пераважнай большасці сельскіх населеных пунктаў Беларусі і тлумачыцца яна аб’ектыўнымі прычынамі: адсутнасць рабочых месцаў, пагаршэнне стану навакольнага асяроддзя ў выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС, неспрыяльныя на той час сацыяльна-бытавыя ўмовы жыцця.

 

  У 1997 годзе ўстанову адукацыі ўзначаліў Гмір Фёдар Мікалаевіч, які працуе і па сённяшні час. За гэты перыяд многа зроблена па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы школы. Была праведзена замена электраправодкі, электрасвяцільнікаў, аконных блокаў, уваходных дзвярэй, рамонт кроўлі.

   У 2006 годзе рашэннем Столінскага райвыканкама Гараднянская сярэдняя школа рэарганізавана ва ўстанову адукацыі “Гараднянская дзяржаўная агульнаадукацыйная яслі-сад  сярэдняя школа”. Была адкрыта дашкольная рознаўзроставая група на 24 чалавекі.

 

                           Гульнявы пакой дашкольнай групы

 

                                            Спальны пакой дашкольнай групы                                                                        

 З 2009 года – установа адукацыі “Гараднянскі дзяржаўны вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа”.

  На 01.09. 2015 года ў Дзяржаўнай  установе адукацыі “Гараднянскі вучэбна-педагагічны комплекс  яслі-сад – сярэдняя школа“ навучаецца і выхоўваецца 79 вучняў і 8 выхаванцаў дашкольнай групы з чатырох населеных пунктаў.  Працуе ў навучальнай установе 20 педагогаў.

   За 48 гадоў у  сценах навучальнай установы базавую адукацыю атрымалі  2639 чалавек, атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымалі  1782  выпускнікі.  Найбольшая колькасць выпускнікоў базавай школы была ў 1979 годзе – 109 чалавек, сярэдняй школы ў 1981 годзе – 72 чалавекі.

 

                       Школьны гісторыка-краязнаўчы музей

 

  У розныя гады навучалі і выхоўвалі вучняў таленавітыя, добрыя настаўнікі:

Казлякоўскі Андрэй Іванавіч – дырэктар школы з 1949  па 1956 гады,

Хлебавец Яўген Іванавіч – дырэктар школы з 1956 па 1959 гады,

Бічан Васілій Максімавіч – дырэктар школы ў 1959/1960 навучальным годзе,

Казулін Васілій Данілавіч – дырэктар школы з 1960 па 1979 гады.

Дацкевіч В.А., Александровіч Г.І., Яцкевіч Н.С., Засімовіч В.В., Рэпіна А.А.,  Якімовіч М.М., Кірчэнка М.І., Вабішчэвіч В.А., Пратасавіцкая А.М., Рагалевіч В.І., Зельманчук А.М., Цімановіч В.В., Шанькоў У.М., Лагунова М.В., Комар Л.Г., Савіцкі І.А., Пшанічнік Т.У., Шанькова З.А., Літвінчык Паліна Якаўлеўна, Дзікавіцкая Галіна Міронаўна, Харошка Валянціна Канстанцінаўна, Пратасавіцкая Вольга Дзмітрыеўна, Лаховіч Міхаіл Васільевіч, Семянчук Кацярына Сяргееўна, Палешка Ніна Сцяпанаўна, Карсека Міхаіл Міхайлавіч, Гмір Валянціна Антонаўна, Яроміч Вера Аляксандраўна, Велясніцкая Любоў Міхайлаўна, Вяроха Марыя Навумаўна, Гмір Таццяна Аляксандраўна, Вячорка Фама Ільіч, Старавойтаў Рыгор Міхайлавіч, Старавойтава Валянціна Сцяпанаўна,  Пірская Вера Захараўна, Пірскі Юрый Георгіевіч, Вяроха Адам Міхайлавіч, Гембіцкая Вольга Уладзіміраўна, Дульская Валянціна Фёдараўна, Літвінчык Кацярына Васільеўна, Літвіновіч Марыя Іванаўна і Літвіновіч Рыгор Паўлавіч, Дарошка Ала Паўлаўна і Дарошка Адам Аляксеевіч, Валасевіч Аляксей Антонавіч (Аляксей Антонавіч доўгі час працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна – выхаваўчай рабоце) і Валасевіч Ніна Васільеўна, Кісель Надзея Міхайлаўна і Кісель Мікалай Ермалаевіч, Паніматка Генадзь Аляксандравіч і Паніматка Алена Рыгораўна, Турчанка Міхаіл Антонавіч, Шкрэбень Галіна Пятроўна, Пратасавіцкі Уладзімір Мікалаевіч, Пратасавіцкая Яніна Сяргееўна, Шут Лідзія Дзмітрыеўна, Захарэвіч Георгій Паўлавіч і Захарэвіч Лілія Цімафееўна, Украінец Марыя Іванаўна, Шэлест Тамара Адамаўна, Пешка Анастасія Уладзіміраўна, Кісель Ніна Мікалаеўна, Гаўрыльчык Святлана Мікалаеўна, Вярэніч Леанід Іванавіч і Вярэніч Валянціна Андрэеўна, Смушко Мікалай Паўлавіч, Мірановіч Антаніна Канстанцінаўна, Глебка Надзея Мікалаеўна, Крачко Мікалай Аляксандравіч, Крачко Марыя Еўдакімаўна, Баговіч Сяргей Антонавіч, Гайцюкевіч Аляксандр Міхайлавіч, Гайцюкевіч Раіса Міхайлаўна, Шавейка Ларыса Мікалаеўна, Цітова Таццяна Аляксандраўна, Парфірыдава Марына Вадзімаўна, Алейнік Таццяна  Мікалаеўна, Рубан Елізавета Сцяпанаўна, Леанавец Таццяна Барысаўна, Хмельніцкая Надзея Аляксандраўна,  Гапко  Анатолій Віктаравіч,  Касянчук Уладзімір Трафімавіч, Дранец Валерый Фёдаравіч, Бразоўскі Леанід Рыгоравіч, Касцюк Мікалай Іванавіч, Федарчук Святлана Віктараўна,  Кашэўская Кацярына Іванаўна, Міхайлюк Міхаіл Аляксандравіч, Бруцкая Наталля Анатольеўна, Сямёнава Святлана Уладзіміраўна, Ляшук Святлана Анатольеўна, Граблюк Марыя Васільеўна, Палхоўская Надзея Арсенцьеўна, Мельнік Ганна Канстанцінаўна, Халімон Алена Мікалаеўна, Каралевіч Алена Паўлаўна, Наскевіч Іван Іванавіч, Петрусевіч Валерый Іванавіч, Цярэшка Галіна Львоўна, Мазоль Святлана Канстанцінаўна, Гайкевіч Вольга Андрэеўна, Лецка Ганна Вячаславаўна, Гаўрылавец Ганна Іванаўна, Прус Валянціна Васільеўна, Пратасавіцкая Ларыса Канстанцінаўна, Бут-Гусаім Ніна Якаўлеўна, Тарасюк Галіна Мікалаеўна, Чурыловіч Аляксей Іванавіч, Лысы Андрэй Пятровіч, Мазоль Сяргей Вітальевіч, Вярэніч Фёдар Сяргеевіч, Ляшкевіч Алена Васільеўна,   

  Сярод выпускнікоў вялікая колькасць педагагічных работнікаў, якія працавалі і працуюць  у розных кутках не толькі Беларусі, але і былога СССР.

  У розныя гады ў школе працавалі настаўнікамі яе выпускнікі:

 Пешка Фёдар Юльянавіч – настаўнік пачатковай ваеннай падрыхтоўкі;

 Мірановіч Антаніна Канстанцінаўна – настаўнік пачатковых класаў, якая ў 1986 годзе была ўзнагароджана Ордэнам Працоўнай Славы 3-й ступені за шматгадовую плённую працу;

 Леанавец Алімпіяда Дзмітрыеўна – піянерская важатая, а потым настаўнік беларускай мовы і літаратуры;

 Гмір Марыя Мікалаеўна – настаўнік хіміі;

 Вячорка Надзея Фамінічна – настаўнік пачатковых класаў;

 Вячорка Надзея Міхайлаўна – настаўнік пачатковых класаў;

 Крачко Марыя Еўдакімаўна – настаўнік рускай мовы і літаратуры;

 Літвінчык Святлана Васільеўна – настаўнік беларускай мовы і літаратуры

 Шэлест Людміла Мікалаеўна – настаўнік рускай мовы і літаратуры;

 Шэлест Ірына Мікалаеўна – настаўнік рускай мовы і літаратуры;

 Гмір Сяргей Мікалаевіч – настаўнік фізічнай культуры.

  Калектыў установы адукацыі на 50% складаецца з выпускнікоў.

Узначальвае ўстанову адукацыі з 1997 года Фёдар Мікалаевіч Гмір,  настаўнік матэматыкі.

 

Настаўніцкі калектыў у 90-я гады                       

 

 Яго намеснік – Іван Іванавіч Кісель, настаўнік інфарматыкі.                                                       Доўгі час намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце працаваў Васіль Андрэевіч Казачок. Зараз ён выкладае рускую мову і літаратуру.

Грыб Ніна Віктараўна – настаўнік пачатковых класаў.

Вячорка Галіна Піліпаўна – настаўнік геаграфіі і біялогіі.

Пешка Галіна Іванаўна – настаўнік пачатковых класаў.

Гмір Марыя Дзмітрыеўна – настаўнік беларускай мовы і літаратуры.

Гмір Марыя Якаўлеўна – настаўнік англійскай мовы.

Вячорка Раіса Васільеўна – настаўнік пачатковых класаў.

Літвінчык Наталля Васільеўна – выхавацель  дашкольнай адукацыі, педагог-арганізатар.

Кавалька Таццяна Іванаўна – выхавацель дашкольнай адукацыі.

 Творча працуюць  у настаўніцкім калектыве ўстановы адукацыі Кісель Валянціна Ільінічна, Філюк Ніна Іванаўна, Украінец Надзея Мікалаеўна,       Кісель Сафія Міхайлаўна, Пешка Наталля Сяргееўна, Ракала Уладзімір Фаміч, Вярэніч Юлія Сяргееўна, Язубец Артур Мікалаевіч, Серко Ганна Дзмітрыеўна, бібліятэкар – Казачок Раіса Міхайлаўна.                                                              

 

 

Настаўніцкія дынастыі

  Склаліся свае працоўныя настаўніцкія дынастыі. Доўгі час працаваў настаўнікам працоўнага навучання Вячорка Фама Ільіч.  Трое з яго дзяцей атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю: сын  Вячорка Георгій Фаміч, кандыдат педагагічных навук, выкладчык Палескага ўніверсітэта; дачка Вячорка Галіна Фамінічна, настаўнік хіміі і біялогіі, працавала ў г.Брэсце; дачка Вячорка Надзея Фамінічна, настаўнік пачатковых класаў, працавала ў г.Пінску.

 

  Дзве дачкі Пешка Фёдара Юльянавіча таксама настаўніцы. Яны абедзве скончылі географа-біялагічны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута.

Пешка Ніна Фёдараўна выкладае біялогію ў сярэдняй школе №2 горада Століна. Святлана Фёдараўна працуе ў горадзе Брэсце.

 

  Велясніцкая Алёна Іванаўна закончыла школу з залатым медалём, а потым з чырвоным дыпломам матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педінстытута імя А.С.Пушкіна. Дзесяць гадоў яна працавала настаўнікам матэматыкі ў г. Століне і ў г.Брэсце, а зараз жыве і працуе ў Італіі.

  Велясніцкі Іван Іванавіч пасля заканчэння школы паступіў у Брэсцкі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С.Пушкіна, дзе набыў спецыяльнасць настаўніка фізікі і інфарматыкі. Дзеці пайшлі па шляху сваёй маці- настаўніцы Вялясніцкай Любові Міхайлаўны.

 

  Яроміч Віктар Мікалаевіч, сын настаўніцы Яроміч Веры Аляксандраўны, выкладае гісторыю ў г.Пінску пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Горкага.

 

  Сярод выпускнікоў школы людзі розных  прафесій.

 

Некалі калгас “Зара” быў амаль цалкам укамплектаваны спецыялістамі –  выпускнікамі школы, якія атрымалі прафесіі бухгалтара, эканаміста, агранома, заатэхніка, інжынера.

  У Гараднянскай урачэбнай амбулаторыі спецыялісты сярэдняга звяна, у асноўным, выпускнікі школы. Ёсць сярод нашых выпускнікоў урачы:  

Яроміч Іван Васільевіч, Леанавец Святлана Барысаўна, Леанавец Раіса Васільеўна, Несцяровіч Іван Піліпавіч, Шпудзейка Канстанцін Рыгоравіч, Вячорка Валерый Іванавіч, Вячорка Таццяна Іванаўна.

   Кожны год павялічваецца колькасць выпускнікоў, якія працягваюць вучобу ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

 

 Кіраўнікі ўстановы адукацыі

 

Казлякоўскі Андрэй Іванавіч нарадзіўся 11 снежня 1926 годзе ў весцы Плотніца Столінскага раёна. З 1948 года  па 1949 год працаваў настаўнікам пачатковых класаў Плотніцкай сямігадовай школы. З 27 жніўня 1949 года па 21 жніўня 1956 года – дырэктар Гараднянскай сямігадовай школы.

 

 

 

 

    Казулін Васілій Данілавіч нарадзіўся ў 1920 годзе ў вёсцы Самацевічы Касцюковічскага раёна Магілёўскай вобласці. Да пачатку вайны скончыў сем класаў мясцовай школы і працаваў у роднай вёсцы.

  У час Вялікай Айчыннай вайны ваяваў у партызанскім атрадзе “Наперад”, а потым служыў у Савецкай Арміі. Быў паранены.

  Пасля заканчэння вайны Васілій Данілавіч паступіў на вучобу ў бібліятэчны тэхнікум у горадзе Мінску. Пасля заканчэння вучобы быў размеркаваны ў горад Пінск, дзе працаваў у гарадской бібліятэцы на працягу двух гадоў. Затым быў пераведзены інспектарам культурна-асветніцкай работы ў Столінскі раён.

  Васілій Данілавіч скончыў Пінскі настаўніцкі тэхнікум,педагагічны інстытут у горадзе Мінску, атрымаў дыплом настаўніка гісторыі.   Да 1957 года працаваў настаўнікам гісторыі ў Белавушскай сярэдняй школе.

  У 1957 годзе Васілій Данілавіч быў прызначаны дырэктарам Атвержыцкай базавай школы, дзе працаваў тры гады.

  У 1960 годзе загадам РАНА ён быў пераведзены дырэктарам у Гараднянскую сярэднюю школу, дзе працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак у 1979 годзе.

  Васілій Данілавіч унёс вялікі ўклад у развіццё адукацыі і выхавання ў нашай вёсцы. З яго ўдзелам была пабудавана новая трохпавярховая школа.  Многія пакаленні выпускнікоў памятаюць гэтага сціплага, разважлівага, разумнага чалавека.

  За шматгадовую добрасумленную працу на ніве ведаў Васілій Данілавіч неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі раённага, абласнога аддзелаў адукацыі.  Двойчы – у 1962 і ў 1973 годзе ён атрымаў Ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі БССР.

  Разам з жонкай Нінай Яфімаўнай, якая 30 гадоў адпрацавала школьным бібліятэкарам, яны нарадзілі і выхавалі чацвёра дзяцей.

 

 

    Георгій Паўлавіч Захарэвіч нарадзіўся 11 жніўня 1934 года ў вёсцы Вялікая Раеўка Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сям’і рабочага, у якой выхоўвалася шасцёра дзяцей.

  У 1946 годзе сям’я пераехала   на пастаяннае месца жыхарства ў Клецкі раён.

  У 1951 годзе Георгій Паўлавіч скончыў сем класаў з Пахвальным лістом і без экзаменаў быў залічаны ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча імя Якуба Коласа.

  У кастрычніку 1953 года быў прызваны ў рады Савецкай Арміі.  Служыў у авіяцыі ў якасці стралка-радыста на рэактыўным бамбардзіроўшчыку “ІЛ – 28”.

  У кастрычніку 1956 года, пасля дэмабілізацыі, Георгій Паўлавіч прадоўжыў вучобу ўжо ў Пінскім педагагічным вучылішчы, якое скончыў у 1958 годзе.

  Пасля заканчэння вучылішча Георгій Паўлавіч быў накіраваны на працу ў вёску Альшаны, тады яшчэ Давыд-Гарадокскага раёна, у якасці настаўніка матэматыкі.

  У 1960 годзе ён паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на матэматычны факультэт (завочнае аддзяленне), які скончыў у 1966 годзе.

  З верасня 1967 года па верасень 1968 працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, а з верасня 1968 года па верасень 1980 – дырэктарам Альшанскай сярэдняй школы.

  У верасні 1980 года загадам РАНА быў пераведзены дырэктарам Гараднянскай сярэдняй школы, дзе і працаваў да выхаду на заслужаны адпачынак да жніўня 1997 года.

  За добрасумленную плённую працу на ніве адукацыі Георгій Паўлавіч Захарэвіч шмат разоў ўзнагароджваўся  Граматамі раённага, абласнога аддзелаў адукацыі, Граматамі Столінскага раённага выканаўчага камітэта.  Двойчы быў ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі БССР. Чатыры разы быў узнагароджаны Знакам “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, два разы быў занесены на раённую і абласную Дошку Гонару.

  У 1970 годзе Георгій Паўлавіч атрымаў юбілейны медаль “За добрасумленную працу”. У 1982 годзе – Грамату Вярхоўнага Савета БССР. У 1983 годзе Георгій Паўлавіч узнагароджаны Знакам “Выдатнік адукацыі СССР”.

  Георгій Паўлавіч стаў ініцыятарам адраджэння ганчарнай справы ў вёсцы Гарадная.  Па яго ініцыятыве, спачатку на базе Гараднянскай школы быў створаны гурток “Юны ганчар”, а пазней пры Доме культуры –  “Школа ганчарства”, дзе майстры ганчарнай справы перадавалі свой вопыт і майстэрства маладому пакаленню.

  Разам з Георгіем Паўлавічам працавала настаўнікам рускай мовы і літаратуры і яго жонка – Захарэвіч Лілія Цімафееўна. Многія пакаленні вучняў памятаюць гэтую патрабавальную, эрудыраваную настаўніцу.

    У 1997 годзе ўстанову адукацыі ўзначаліў Гмір Фёдар Мікалаевіч.

Фёдар Мікалаевіч нарадзіўся 2 студзеня 1956 года ў вёсцы Гарадная, у сям’і калгаснікаў.  У 1973 годзе скончыў Гараднянскую сярэднюю школу, паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Пасля заканчэння вучобы ў 1977 годзе быў накіраваны ў Альшанскі вучэбна-вытворчы камбінат, дзе працаваў на працягу 1977/1978 навучальнага года  намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

  З 01.09.1978 па 1984 год выкладаў матэматыку ў Гараднянскай сярэдняй школе.

  З 1984 па 1987 год Фёдар Мікалаевіч – арганізатар пазакласнай і пазашкольнай выхаваўчай работы.

 У 1987 годзе ён быў пераведзены на пасаду намесніка дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце, на якой працаваў да 1997 года.

 У 1997 годзе Фёдар Мікалаевіч быў прызначаны дырэктарам Гараднянскай сярэдняй школы, якую ўзначальвае па сённяшні час.  Фёдар Мікалаевіч – удзельнік VII з’езда настаўнікаў БССР, на якім яму была ўручана Ганаровая грамата Міністэртва адукацыі БССР.

                   

  Дэлегаты VIIз’езда настаўнікаў БССР (1987 г.)

За шматгадовую добрасумленную працу  Фёдар Мікалаевіч узнагароджаны шматлікімі граматамі раённага аддзела адукацыі, граматамі абласнога Савета дэпутатаў, Ганаровай граматай обласнога ўпраўлення адукацыі ў 2008 годзе.  Фёдар Мікалаевіч надае вялікую ўвагу прапагандзе здаровага ладу жыцця сярод вучняў, іх бацькоў, моладзі. Установа адукацыі падтрымлівае цесныя ўзаемасувязі з пагранічнай заставай вёскі Гарадная. На школьным стадыёне, у спартыўнай зале праводзяцца спартландыі, спаборніцтвы па футболе, валейболе, баскетболе  паміж камандамі настаўнікаў, вучняў і пагранічнікаў.

 

           Кожны год, у чэрвені месяцы, ва ўстанове адукацыі працуе летні аздараўленчы лагер, у якім створаны ўсе неабходныя ўмовы для адпачынку і аздараўлення дзяцей. Цікава бавяць час дзеці ў летніку: паходы, экскурсіі, шматлікія мерапрыемствы.

 

                                  

Ва ўстанове адукацыі створаны працаздольны, творчы калектыў настаўнікаў, які з кожным годам павышае выніковасць сваёй дзейнасці.

                                   

                                         Калектыў настаўнікаў

 

 У 2008 годзе ўстанова адукацыі заняла 3-е месца, у 2009 – 2-е месца, у 2010 годзе 1-е месца ў раённым аглядзе-конкурсе на лепшую ўстанову адукацыі сярод сельскіх сярэдніх школ.

 У 2010 годзе ўстанова адукацыі “Гараднянскі дзяржаўны вучэбна-педагагічны комплекс яслі-сад – сярэдняя школа” была занесена на раённую Дошку Гонару.

 Кожны год педагогі ўстановы адукацыі з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі раённых аглядаў-конкурсаў кабінетаў.

 

                                    Кабінет англійскай мовы

 

                       Кабінет беларускай мовы і літаратуры

 У 2009 і 2010 годзе ўстанова адукацыі займала прызавыя месцы ў аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

 

                                              Цэнтральны ўваход

  

                                   Знакамітыя выпускнікі школы

 

Факадзей Раман Міхайлавіч

Нарадзіўся 07.02.1947 года ў вёсцы Гарадная. Закончыў Гараднянскую васьмігадовую школу ў 1962 годзе і Столінскую сярэднюю школу ў 1964 годзе, ваеннае вучылішча ў г.Баку, Ваенную     акадэмію імя М.В.Фрунзе і Акадэмію Генштаба Узброеных сіл СССР. Генерал-лейтэнант. Доўгі час працаваў у Ваеннай акадэміі ў г.Кіеве.

 

Вячорка Георгій Фаміч

Нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Гарадная. У 1961 годзе закончыў Гараднянскую сярэднюю школу, Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Горкага. Кандыдат педагагічных навук. Выкладчык Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 

Казулін Аляксандр Васільевіч

Нарадзіўся ў 1955 годзе ў вёсцы Гарадная. Закончыў Гараднянскую сярэднюю школу ў 1972 годзе, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1978 годзе. Кандыдат біялагічных навук. Працуе ў Інстытуце экалогіі НАН Беларусі.

 

Леанавец Вячаслаў Цімафеевіч

Нарадзіўся ў 1958 годзе ў вёсцы Гарадная. Атрымаў базавую адукацыю ў Гараднянскай сярэдняй школе, закончыў Пінскае педагагічнае вучылішча ў 1977 годзе, а ў 1982 годзе –  Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. Кандыдат гістарычных навук.