Дзень самакіравання

01.03.2017

Незвычайна прайшоў адукацыйны працэс у Гараднянскім вучэбна-педагагічным комплексе яслі-сад – сярэдняя школа ў сераду, 1 сакавіка. Справа ў тым, што да вучняў у класы завіталі “незвычайныя” настаўнікі. Гэта былі лепшыя вучні 9-11 класаў, якім даверылі на адзін дзень адукацыйны працэс кіраўніцтва і настаўніцкі калектыў установы адукацыі. Так быў арганізаваны дзень вучнёўскага самакіравання ў нашай школе. А ініцыіравалі яго правядзенне самі навучэнцы, члены Вялікага Савета моладзі, на адным з пасяджэнняў гэтага органа вучнёўскага самакіравання.

Правядзенню Дня самакіравання папярэднічала вялікая падрыхтоўчая работа: з ліку лепшых вучняў 9-11 класаў былі прызначаны настаўнікі-прадметнікі. Так, напрыклад,  беларускую мову і літаратуру будзе выкладаць вучаніца 11 класа Палешка Вольга, а рускую мову і літаратуру –  вучань гэтага  класа Урбанскі Аляксандр. Настаўнікамі  пачатковых класаў паспрабуюць пабываць Літвінчык Кацярына, 9 клас, Літвінчык Святлана і Факадзей Святлана, 11 клас. Вучні 11 класа Леанавец Настасся і Вячорка Станіслаў будуць праводзіць урокі матэматыкі, англійскай мовы, біялогіі і хіміі.

Напярэдадні гэтага незвычайнага мерапрыемства кожны будучы “настаўнік” атрымаў належную кансультацыю ад сваіх старэйшых сяброў – сапраўдных настаўнікаў. Яны ж, канешне, не пакінулі маладых сам-на сам з “падначаленымі”,  а ўвесь час былі побач, у класе, каб, пры неабходнасці, аказаць метадычную дапамогу.

Як паказала апытанне і аналіз праведзенага мерапрыемства, пабываць у ролі настаўнікаў і кіраўнікоў усім вучням спадабалася. Паводле водгукаў саміх настаўнікаў, што прысутнічалі на ўроках, некаторыя з вучняў валодаюць педагагічнымі схільнасцямі, і з іх маглі б атрымацца нядрэнныя педагогі. А Факадзей Святлана, вучаніца 11 класа, вырашыла ў гэты дзень, што абавязкова будзе настаўніцай пачатковых класаў. Літвінчык Кацярыне так спадабалася працаваць у 2-ым класе, што яна з задавальненнем прыме ўдзел і ў наступным Дні самакіравання, калі такі адбудзецца.

І сапраўды: а чым гэта не адна з формаў папулярызацыі прафесіі настаўніка, якіх нам зараз так не хапае?

Галоўная задача гэтага мерапрыемства:

 даць навучэнцам рэальную магчымасць разам з педагогамі ўдзельнічаць у арганізацыі, выкананні і аналізе адукацыйнага працэсу;

фарміраваць у навучэнцаў патрэбы і гатоўнасць удасканальваць сваю асобу, ствараць умовы для развіцця здольнасцяў і інтарэсаў членаў вучнёўскага калектыву;

узбагачаць духоўны свет, развіваць самастойнае мысленне і самасвядомасць; 

выхаваць станоўчае стаўленне да агульначалавечых каштоўнасцей, нормам калектыўнага жыцця,  развіваць грамадзянскую і сацыяльную адказнасці за самога сябе, сваю сям'ю, навакольных людзей, грамадства.