Экологическая экскурсия

 
План экскурсіі
 
 
1.               Уводная гутарка:
апісанне прыроднага ландшафту, канкрэтызацыя задач экскурсіі, асноўныя паняцці, заданні для самастойнага назірання, тэхніка бяспекі ў час экскурсіі, правілы паводзін у прыродзе.
 
2.Знаёмства з маршрутам экскурсіі
 
3.Экскурсія да глінянага кар’ера ( характарыстыка якасці  гліны)
 
4.Экскурсія на сядзібу ганчара (знаёмства з тэхналогіяй апрацоўкі гліны, інструментамі, спосабамі апрацоўкі гліны)
 
5.Экскурсія да ганчарнага горна (абпальванне і глазураванне гліняных вырабаў)
 
6.Экскурсія ў цэнтр ганчарства (метралогія сучасных ганчарных вырабаў)
 
7.Рэфлексія
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Мэты:
 
фарміраванне ў вучняў любові і беражлівых адносін да гісторыка-культурнай спадчыны свайго краю, выхаванне экалагічнай культуры і прыцягненне вучняў да практычнай прыродаахоўнай дзейнасці.
 
Задачы экскурсіі:
 
- пазнаёміць вучняў са спосабамі здабывання гліны, тэхналогіяй апрацоўкі гліны і гліняных вырабаў, з метралогіяй сучасных ганчарных вырабаў,з асаблівасцямі навакольнага асяроддзя, з раслінным і жывёльным светам сваёй мясцовасці;
-навучыць арыентавацца на мясцовасці, вымяраць адлегласць пазнаваць на мясцовасці аб’екты, паказаныя на картасхеме, выклікаць цікавасць да ганчарнага рамяства;
-развіваць самастойную дзейнасць, творчы пошук;
 -фарміраваць нормы паводзін за межамі школы, вучыць дзяцей арганізаванасці і вытрымцы;
-выхоўваць пачуццё гонару за сваіх землякоў- умельцаў, любоў і павагу да працы і чалавека працы, беражлівыя адносіны да прыродных рэсурсаў, да навакольнага асяроддзя.
 
 
 
 
 
 
Людзі, дзе нарадзіліся
і ўзгадаваліся,
Да таго месца вялікую
любасць маюць.
Францыск Скарына
 
 
Уводзіны
 
      Родная зямля, яна для кожнага з нас- самая ласкавая, самая непаўторная. І дзе б мы ні жылі,  у якіх бы цудоўных краінах ні пабывалі, мы заўсёды вяртаемся да свайго, да роднага куточка, да месца, дзе нарадзіліся. Такім месцам для нас з’яўляецца вёска Гарадная, што ў Столінскім раёне.
     Далёка за межамі раёна распаўсюдзілася слава пра мясцовых майстроў ганчарнай справы. Гэта і лепшы ганчар рэспублікі Шэлест Арсеній Васільевіч і дыпламант прэміі Прэзідэнта за адраджэнне народных традыцый Басавец Аўрам Мікалаевіч і інш.
    Але з кожным годам майстроў-умельцаў становіцца менш. Каб іх справа не страціла свайго значэння, не памерла іх рамяство, у нашай установе  адукацыі  кожны  год праводзяцца экскурсіі на сядзібу ганчара,  у цэнтр ганчарства нашай вёскі, які ўключаны ў турыстычны маршрут Брэсцкай вобласці.
     Маршрут нашай экскурсіі  выбраны  такім чынам, каб звярнуць увагу вучняў на ландшафт мясцовасці, на раслінны і жывёльны свет наваколля і змены ў ім, на экалагічныя праблемы, а галоўнае, каб на кожным прыпынку пазнаёміць вучняў з усімі працэсамі работы з глінай, каб больш пільна прыгледзецца да рэчаў, добра знаёмых кожнаму з дзяцінства, паназіраць за работай ганчароў, людзей з умелымі рукамі і пачуццём прыгажосці, далучыцца да сакрэтаў працы з глінай.
     І самае важнае, як сказаў адзін з ганчароў, выклікаць у дзяцей цікавасць да гэтай справы, каб захаваць для нашых нашчадкаў традыцыі майстроў ганчарнай справы.
 
  
 
І прыпынак
(школа)
1.   Уводная гутарка.
2.    Знаёмства з маршрутам экскурсіі і яе мэтамі.
3.   Знаёмства з гісторыяй узнікнення школы.
-         Наша мясцовасць раўнінная з невялічкімі ўзгоркамі. Самае высокае месца Столінскага раёна (168 м над узроўнем мора) знаходзіцца за 2 км ад школы. З усіх бакоў мясцовасць акружана лясамі і балотамі.  
-         Пераважаюць хваёвыя і змешаныя лясы.
-         Дзеці, якая зараз пара года?
-         Адзначце стан неба.
-         Як свеціць сонца?
-         Ці ёсць вецер?
Заданне вучням:
1.     Сабраць кожнаму па 2 лісточкі з дрэў, якія вы сустрэнеце і вызначыць якому дрэву яны належаць.
2.     Сабраць прыродны матэрыял (шышкі, галінкі,сучкі і г.д.)
3.     Звярнуць увагу на раннецвітучыя кустарнікі і кветкі.  
 
Асноўныя паняцці, якія павінны засвоіць вучні падчас экскурсіі:
-         Ганчарства, вытворчасць ганчарных вырабаў ганчарнага і д.-пр. прызначэння з гліны. Назва паходзіць ад слова “горн”.
-         Ганчарны горн, спецыяльная печ для абпальвання ганчарных вырабаў.
-         Ганчарны круг, прыстасаванне для фармоўкі полых ганчарных вырабаў. Яго дзеянне заснавана на цэнтравым вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе вертыкальнай восі.
-         Ганчарныя прылады працы, прыстасаванні і інструменты, якімі карыстаюцца ў працэсе вытворчасці ганчарных вырабаў.
-         Паліва, шклопадобнае дэкаратыўнае засцерагальнае пакрыццё на кераміцы.
   Праводзіцца гутарка аб правілах бяспечных паводзін у час экскурсіі і аб правілах паводзін у прыродзе.
   Вакол Гарадной размешчаны буйшейшыя ў Беларусі залежы высокагатункавых тугаплаўкіх каалінавых глін. Пры апале такія гліны даюць добра спечаны, амаль белы чарапок, з малой порыстасцю, так што гартаванне яму не патрэбна, а чарненню мясцовыя вырабы не паддаюцца з-за малога ўтрымання жалеза ў гліне. На гэтых якасцях мясцовай сыравіны і заснавана яркая адметнасць гараднянскай керамікі. З даўніх часоў ганчары вырабляюць белагліняны з роспісамі посуд старажытных форм, якія з-за ізаляванасці калісьці глухога палескага мястэчка амаль без змен захоўваліся практычна да сярэдзіны ХХ стагоддзя.
Матэрыялы археалагічных раскопак Пінскага Палесся сведчаць, што беалагічная кераміка выраблялася тут яшчэ ў сярэдневеччы, традыцыі яе вытворчасці не перарваліся і ў наступныя стагоддзі. Найбольшы росквіт ганчарных промыслаў у Гарадной прыпадае на ХІХ – першую палову ХХ ст. У пачатку ХХ стагоддзя ў нашай вёсцы налічвалася каля 300 ганчароў.
 
 
 
   Установа адукацыі “Гараднянская дзяржаўная агульнаадукацыйная яслі- сад- сярэдняя школа”размешчана ў в. Гарадная ў 30 км ад райцэнтра. У 1863 годзе ў в. Гарадная была заснавана школа граматы, у якой навучалася 22 хлопчыкі. Навучанне працягвалася 1-2 гады. З 1925 года ў вёсцы функцыянавала польская школа, у якой навучалася 2 класы. У 1935 годзе быў пабудаваны новы аднапавярховы драўляны будынак школы ў цэнтры вёскі ў выглядзе літары “Г”. Асноўнымі прадметамі былі арыфметыка, польская мова і прыродазнаўства. У 1939 годзе тэрмін навучання працягваўся 7 гадоў.
      Гараднянская сярэдняя школа заснавана ў 1947 годзе. Сучасны будынак школы быў адчынены ў лістападзе 1967 года. За сорак два гады базавую школу закончылі 2527 чалавек, атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымалі 1711 чалавек. Найбольшая колькасць выпускнікоў базавай школы была ў 1979 годзе – 109 чалавек, сярэдняй – у 1981 годзе- 72 чалавекі. У 2005 годзе рашэннем Столінскага райвыканкама рэарганізавана ў Гараднянскую сярэднюю школу-сад. А ў 2006 годзе – ва ўстанову адукацыі “Гараднянская дзяржаўная агульнаадукацыйная яслі-сад-сярэдняя школа”.
          Статут установы адукацыі зарэгістраваны 24 лістапада 2006 года пад №1782. Школа мае сваю пячатку, штамп, знаходзіцца па адрасу 225522, вул. Школьная, 33 “А”, вёска Гарадная Столінскага р-на, Брэсцкай в-ці.
 
 
 
 
 
 
ІІ прыпынак
( гліняны кар’ер)
 
Экскурсію да кар’ера праводзіць ганчар
 Басавец Аўрам Мікалаевіч.
      Многія глінішчы распрацоўваліся на працягу шэрагу стагоддзяў. Так вырабы з гліны ля Гарадной вядомы з ХІІ ст.
      Глінішчы размяшчаліся па берагах вадаёмаў, на схілах узгоркаў, у лесе, зрэдку на палях.
        Капалі гліну самі, што рабілі ў асноўным восенню. У большасці выпадкаў здабыча гліны праводзілася ў ямах, пачынаючы з глыбіні 0,5 – 1,5 м, зрэдку 3 – 4 м. Спачатку лапатай адзначалі ўчастак у выглядзе квадрата прыкладна 1,5х1,5 м ці 2х2 м, дзе трэба было капаць. З яго здымалі раслінны слой зямлі, няякасную гліністую пароду, а затым вялі распрацоўку ўглыб.
         Адзін са старых гарадзенскіх ганчароў расказваў, што да рэвалюцыі гліну капалі ў трох месцах і змешвалі. У далейшым “дабралі практыкі і з сыравіны ўзятай у адной яме, такі ж посуд сталі рабіць”.
          Найбольш прыгоднай для фармоўкі з’яўляецца высокапластычная гліна, якую ганчары называюць “тлустай”, “жырнай”. На жаль, чым яна тлусцейшая, тым менш вогнестойкія вырабы з яе. І наадварот, посуд з малапластычнай (“худой”, “поснай”) гліны вытрымлівае высокія тэмпературы, але яна дрэнна фармуецца, вялікай пасудзіны з яе не зробіш: рассыплецца яшчэ ў самым пачатку працы. На гэтых якасцях розных сартоў глін засноўваўся і вопыт вызначэння іх прыгоднасці. Адзін са спосабаў, напрыклад, быў такі: тонкую гліняную качалку трымалі ў руцэ. Калі яна плаўна згіналася – гліна тлустая, калі ламалася – посная. Бралі таксама кавалак гліны “на зуб”: тлустая на зубах не трашчыць.
Заданне вучням
(вызначыць якасць гліны)
           Ганчары ўжываюць тлустую гліну, але дадаюць ў яе непластычныя дабаўкі, часцей за ўсё жарству – перапалены і дробна растоўчаны ці змолаты і прасеяны камень. Дабаўка жарствы ў гліну ўплывала і на знешні выгляд посуду. Сценкі яго параўнальна тоўстыя, шурпатыя, с прыкметнымі ўключэннямі крупінак жарствы, формы графічна спрошчаныя. Ад пластычнасці гліны залежалі спосабы вытворчасці керамічнага посуду, а гэта ў сваю чаргу прыкметна ўплывала на яго аблічча.
        Гліну, якую накапалі, звозім на двор і складваем у кучу – “грудку” проста на зямлю.
На зваротным шляху настаўнік праводзіць гульні: “Назаві расліну”
(настаўнік паказвае расліну, ліст дрэва, а вучні называюць расліну);
“Пазнай расліну па апісанню”
(настаўнік апісвае расліну, а вучні адшукваюць яе ў прыродзе)
 
ІІІ прыпынак
(сядзіба ганчара)
Экскурсію па сядзібе ганчара праводзіць ганчар
Басавец Аўрам Мікалаевіч.
 
     Накапаную гліну нейкі час захоўвалі на вуліцы закрытай. Потым матэрыял заносілі ў хату для далейшай пераапрацоўкі. 
     Апрацоўку гліны падзяляюць на некалькі груп. У першую групу ўваходзяць спосабы размінання гліны нагамі, у другую – доўбняй, у трэцюю – нагамі і доўбняй і ў чацвёртую, якія заснаваны на пераапрацоўцы гліны таркай.
      Гліну кладзем у драўлянае карыта, заліваем вадой і пачынаем мясіць нагамі,пераважна пяткамі. Потым гліну скручваем, рэжам на часткі, складваем іх стопкай і зноў размінаем. І так пераапрацоўваем ад шасці да дванаццаці разоў. Ачышчаем гліну ад смецця, стругаем провалакай – “дротам”, “зрэзкай”.
      Працэс падрыхтоўкі матэрыялу завяршаецца непасрэдна перед фармоўкай. Кусок сыравіны- “кавалак” масай прыкладна 8-12 кг рукамі старанна вымешваем. Пры гэтым ачышчаем гліну ад шкодных прымесяў (карэньчыкаў раслін, смецця і г.д.). Падрыхтаваную масу раздзяляем на невялікія шарападобныя кускі – “камякі”.
      Перад пачаткам работы на крузе рыхтуем банку з вадой для акроплення гліны і змочвання рук. Спатрэбіцца таксама губка для прыбірання з сасуда непатрэбнай вады, зрэзка.
      Гліну кладзем на круг строга па цэнтру – ганчары называюць гэту аперацыю цэнтрыраваннем. Зрабіўшы рукамі з кавалка гліны форму, блізкую да шару, не моцна, але рэзкім рухам кінем яго як мага правільна на сярэдзіну круга. Кавалак гліны павінен добра прыліпнуць да круга.
      Замацаваўшы гліняную масу, уключым матор і, памачыўшы рукі вадой, канчаткова адцэнтрыруем гліняны шар, каб пры рухах круга ён здаваўся
 нерухомым. Затым гліну неабходна дастаткова прамяць на рухомым крузе.
Для гэтага яе выцягваюць у высокі конус, то зноў прыдаюць першапачатковую форму. Гэту аперацыю паўтараюць некалькі разоў. З прамятай гліны выдаляюцца паветраныя кулькі, і яна становіцца шчыльнай і аднароднай.
      Прамежкавая форма пры выкананні большасці сасудаў – цыліндр, па-гэтаму перш за ўсё навучымся выцягваць менавіта яго. У сярэдзіне глінянай масы плаўна нажмем вялікімі пальцамі і зрабім цыліндрычнае ўглубленне. Паступова расшыраем яго да патрэбнага памеру. Астатнімі пальцамі фармуем знешні бок цыліндра. Затым выцягваем цыліндр. Вялікія цыліндры выцягваюцца дзвюмя рукамі, з якіх адна знаходзіцца ўнутры цыліндра, другая на знешняй старане бакавой паверхні. Рукі, паміж якімі павінны знаходзіцца сценкі цыліндра, перамяшчаем ад дна ўверх. Гэты прыём паўтараем да тых пор, пакуль не даб’емся патрэбнай вышыні цыліндра. Каб рукі добра слізгалі і не рвалі гліну, змочваем іх вадой. З гэтага цыліндра фармуем  зададзены намі сасуд.
    Гатовы сасуд зрэжам зрэзкай.
-Дзеці, хто жадае папрацаваць за ганчарным кругам?
(Дзеці спрабуюць вырабіць што- небудзь.)
 
   
Для сушкі ў памяшканні ганчары майстравалі пад столлю ў адзін- два ярусы дашчатыя полкі-“паліцы”.
    Гліняныя вырабы сушаць пры пакаёвай тэмпературы на працягу 2-6 дзён у залежнасці ад памеру вырабаў. Пры гэтым трэба пазбягаць скразнякоў і прамога ўздзеяння сонечных промняў.
Затым выраб памяшчаюць у цёплае і сухое месца і толькі пасля гэтага абпальваюць.Калі неабходна, то вырабы дасушваюць на цёплай печы.
 
Пасля сушкі вырабу іх паверхню старанна заціраюць мяккай,вільготнай губкай.Гэта неабходна,каб нарыхтоўка была з роўнай і гладкай паверхняй.
-         Давайце паспрабуем заціраць губкай сухія вырабы.
 
ІV прыпынак
(ля ганчарнага горна)
Экскурсію праводзіць
 ганчар Басавец Аўрам Мікалаевіч.
Пасля сушкі гатовыя вырабы ўкладвалі спецыяльным спосабам у печ для абпальвання, якая называецца горнам.
 
 
 
 
   Пачыналі абпальванне звычайна пасля абеду,каб завяршыць яго ноччу,бо ў цемры добра бачны колер вырабу. Працягласць абпальвання залежыць ад якасці дроў, кліматычных умоў і іншых фактараў і складае ў сярэднім ад 10 да 15 гадзін.
 У працэсе абпальвання выдзяляюць 2 фазы- падаграванне і абпальванне вырабаў.
   Першую фазу майстры называюць “уграваннем”. Яна працягваецца 5-7 гадзін.
   Гэта ідзе сушка посуду.Пры гэтым прымяняюцца грубыя дровы са старых сосен, бяроз.
 
Агонь разводзяць, паклаўшы дровы з краю,упоперак топкі, каб награванне ішло паступова.Затым іх паціху падсоўвалі ўперад і разварочвалі ўдоўж топкі.У канцы падагрэву, калі з посуду поўнасцю выпаралася вада, “посуд” накаляўся і набываў цёмна- чырвоную афарбоўку.
 
Пасля гэтага пачыналася другая фаза-“дагонка”,  у час якой посуд “даганялі” агнём да патрэбнага стану. Агонь павялічвалі, выкарыстоўвалі сухія дровы, даўжынёй ля 1м.У гэты час асабліва ўважліва сачылі за тым, каб полымя не падымалася вельмі высока. Калі посуд, які ляжаў у верхнім радзе, раскаляўся да белага колеру, то абпальванне спынялі. Праз суткі- двое астыўшы посуд даставалі з печы, а потым глазуравалі яго.
 
   Глазураванне- гэта спосаб ахоўна-дэкаратыўнай апрацоўкі паверхні керамікі тонкім слоем шклавіднай масы( палівы).
 
 
 
   Паліву выраблялі са свінцу, які перапальвалі на парашок. Аблівалі посуд яго растворам у вадзе. Пры абпальванні парашок плавіўся, утвараўся моцны празрысты слой. З-за дарагавізны палівы, карыстаюцца ёй ашчадна. Глазуруюць пераважна ўнутраную паверхню посуду, звонку паліва наносіцца толькі ўверсе. Крыху абсушыўшы, посуд абпальвалі яшчэ раз. Гэтае абпальванне цягнулася 5- 6 гадзін.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
V прыпынак
( цэнтр ганчарства)
Экскурсію праводзіць
Леанавец Алімпіяда Дзмітрыеўна,
дырэктар цэнтра ганчарства вёскі Гарадная
 
“Я думаю: хто ёсць ганчар,
 I з кім яго сябруе дар?
 Ганчар — а ён душою мастак –
Мне адказаў з усмешкай так:
 "Мой першы сябра - творчы дух.
 Другі - ганчарны добры круг.
Два сябры - кожная далонь,
 А пяты сябра мой - агонь "!
 
З 1 красавіка 2003 года гасцінна адчыніў свае дзверы “ Цэнтр ганчарства” нашай вёскі ў прасторным будынку Дома культуры. Ён уключае ганчарны цэх, дзе ёсць усе стадыі апрацоўкі гліны, устаноўлены ганчарныя кругі, паліцы для сушкі гліняных вырабаў. У двары ёсць свой горан для абпальвання посуду. Два пакоі займае Музей ганчарства. У Музеі сабраны экспанаты ганчарных вырабаў, пачынаючы з 12 ст., а таксама сучасныя керамічныя вырабы. Створана галерэя ганчароў. У калідоры на сцяне вісяць фотаздымкі ганчароў славутай мясцовай дынастыі- двух братоў, Ярмолы і Сцяпана Мірановічаў, і іх сыноў.Дарэчы, праўнукі знакамітых майстроў цяпер таксама вучацца ганчарнаму рамяству.
 
    
 Захоўваецца ў цэнтры і памяць аб людзях – легендах : Мацвей Пячонка рабіў гаршкі адной левай рукой і перамагаў на конкурсах.
    Нагрузіўшы свае фурманкі /фуры/ посудам, гараднянскія ганчары развозілі яго па ўсім Палессі, на кірмашы – у Пінск, Столін, Драгічын, Давыд-Гарадок, нават у Баранавічы і Навагрудак, Клецк, а на лодках па Гарыні і Прыпяці – у Тураў, Мазыр, Петрыкаў. Ведалі мясцовы посуд на Валыні, у Кіеве, Вільні, Варшаве. У Вільні гараднянскую кераміку называлі “целяханскай” /па аналогіі з шырока вядомым целяханскім фаянсам/, уладальнікі ювелірных фабрык ведалі яе высокую тэрмічную ўстойлівасць і ахвотна куплялі для выплаўкі каштоўных металаў.
      Натуральны абмен гатовых вырабаў на жыццёва – важны прадукт – збожжа – выклікаў арыгінальную металургію гараднянскіх ганчароў. У залежнасці ад аб’ёму вырабы мелі спецыяльныя назвы. Невялікі гаршок называўся мамзель /умяшчаў да 1 кг збожжа/; большыя семак, паўзлівач /да 1,5 кг збожжа/; злівач /2 кг/, нярознак /4-6 кг/, пададзінец /6-8 кг/, адзінец /8 – 16 кг/, паляк /16 кг/. 
 
 
        
 
 
 
   
 
      
Адсюль утварыліся тэрміны для вызначэння аб’ёму іншых відаў посуду: мамзелевы /місачкі, глечыкі, гладышы, слоікі, вазончыкі/;    семаковы  /міскі, глечыкі, гладышы, слоікі, вазоны/;    злівачовы /міскі, глечыкі, гладышы, слаі, макотры, вазоны, банькі/; пададзінцавы /місы, глечыкі, макотры, банькі/; адзінцавы /місы, макотры/. Увесь посуд лічылі на дзесяткі і фуры, аснову ўмоўнага дзесятка складвалі 10 мамзеляў. Паўзлівачоў, семакоў адпаведна прыходзілася 7; злівачоў – 5, нярознакаў – 3, пададзінцаў – 2, адзінцаў – 1,5 ; палякоў – 1, на дзесятак. Фура ўмяшчала 100 умоўных дзесяткаў.
       Даследчыкі народных промыслаў, арганізатары выставак у пачатку ХХ стагоддзя аднадушна адзначылі арыгінальнасць, дасканаласць, традыцыйнасць форм і дэкору гараднянскіх вырабаў. “Вельмі характэрны, - пісала польская даследчыца Я. Аранжына, - белы непаліваны посуд з тугаплаўкай гліны, аздоблены арнаментам з чырвонай жалезістай гліны, які вырабляюць у Гарадной і на Вільні /Кальчын і Астрог/. Асабліва вытанчаным традыцыйным выглядам вызначаюцца вырабы з Гарадной. Хаця такое багацце ўзору, як на гуцульшчыне, не сустракаецца, аднак формы посуду куды больш дасканалыя і захоўваюць даўнія традыцыі.
      З гэтай адзнакай нельга не згадзіцца. Сапраўды, вырабы гараднянскіх ганчароў аж да 30-х гадоў ХХ стагоддзя захоўвалі лепшыя дасягненні мінулага ў галіне форм і дэкору. Вытанчанным, зграбным, дасканалым сілуэтам яны нагадваюць антычны посуд.
       Асабліва цікавыя аналогіі прасочваюцца ў замацаванні вушак. Верхнім канцом яны маюцца да венчыка, адыходзяць убок, нібы прадаўжаючы яго гарызантальны зрэз, плаўна згінаюцца ўніз і сутыкаюцца з тулавам у месцы яго найбольшага расшырэння, утвараючы натуральнае спражэнне з паверхняй.
       Гаршкі, якія называлі таксама круглякамі, маюць сапраўды акруглае, амаль шарападобнае тулава з рэзка адагнутым венчыкам, да якога прымацаваны канец вушка. Шарападобная, крыху выцягнутая форма, пакладзена і ў аснову гляка (банькі), з досыць шырокім горлам, якое злёгку расшыраецца ўверх.
    Аналагічную форму маюць збанкі (глечыкі), часта даволі буйных памераў. Масіўная гарлавіна іх заканчваецца зграбным шырокім венчыкам, з выразна прафіляваным носікам.
Міскі і макотры вызначаюцца гарызантальным і нібы зрэзаным па вярчэнні на крузе венчыкам. У церлы тулава плаўна расшыраецца ўверх, а ў місах мае выразнае рабрыстае гляненне, на два аб’ёмы – цыліндрычны і канічны.
      Выразныя мастацкія формы гараднянскага посуду падкрэслены характэрным дэкорам з чырвонай жалезістай гліны – “апіскай”. Рабілі яго пэндзлікам з курынага пер’я, на вытачанай пасудзіне, яшчэ на не знятай з ганчарнага круга. Характар арнаментацыі вызначаўся вярчэннем пасудзіны вакол вертыкальнай восі, таму дэкор складваўся з касых рысак, прамых і хвалістых паяскоў, дужак – “шнурочкаў”, “рубежыкаў”. Па-рознаму камбінуючы гэтыя простыя элементы, мяняючы адлегласць паміж імі, патаўшчаючы ці патанчаючы лініі, майстры дасягалі безліч варыянтаў дэкору. У большасці выпадкаў ён уяўляе дзве-тры стужкі з гладкіх палос, між якімі ўканпанаваны косыя рысы і дужкі. Шырокай паласой дэкор кладзецца на плечыкі збанкоў, глякоў, гаршкоў;   у місах і церлах рыскі часам нанесены і на венчыкі.
     Аднак час бярэ сваё. Паміраюць знакамітыя майстры ганчарнай справы. Моладзь не вельмі жадае пераняць сакрэты вырабу керамікі . А шкада, бо падручнікаў, у якіх распавядалася б, як зрабіць з гліны гаршчок, статуэтку, вазачку ці іншае нешта, няма.
Відавочна, што посуду, неабходнага ў нашым быце, хапае. Тады навошта нам гліняныя гаршкі і талеркі? Аднак, гэта частка нашага жыцця, наша гісторыя, нашы культурныя каштоўнасці. Мы проста не маем права выкрасліць гэтую старонку з жыцця.
“Працую - не стамляюся”, - так гаворыць Аўрам Мікалаевіч Басавец, дыпламант прэзідэнцкай прэміі за адраджэнне народных традыцый. Ён разам з Арсеніем Васільевічам Шэлестам працуюць у школе ганчарства, якую наведваюць 16 хлопчыкаў, вучняў установы адукацыі “Гараднянская яслі-сад- сярэдняя школа”.
   Дзеці з задавальненнем вучацца рыхтаваць гліну, ляпіць вырабы з яе за ганчарным кругам.
 
   
У 2005 годзе Шэлесту Івану, гурткоўцу Дома ганчарства нашай вёскі прысвоена званне “Малады чалавек – адкрыццё года” і ўручана прэмія                  Юныя ганчары робяць першыя крокі на шляху да авалодвання складанай і цяжкай, але вельмі патрэбнай людзям прафесіі.
   “Каб толькі не памерла рамяство”- гэтая заклапочанасць аб лёсе адвечнай справы свайго роду гучыць з вуснаў Аўрама Мікалаевіча Басаўца.
Будзем спадзявацца, што вучні, якія наведваюць гурток, будуць працягваць справу сваіх майстроў-настаўнікаў, сваіх дзядоў і прадзедаў.                                                     
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Рэфлексія
     (праводзіцца ў выглядзе віктарыны і праводзіць яе     
     экскурсавод Леанавец А.Дз.)
1.                 Ці спадабалася вам экскурсія? Што асабліва запомнілася?
2.                 Ці хацелася б вам займацца ганчарнай справай, наведваць гурток ганчарства?
3.                 Каго з ганчароў- умельцаў запомнілі?
4.                 Як называюцца ганчарныя вырабы, якія стаяць вакол нас?
Дзецям, якія актыўна ўдзельнічалі ў віктарыне, уручаюцца цацкі-свістулькі з гліны, вырабленыя членамі гуртка ганчарства.
 
 
 
 
 
Такія экскурсіі карысны для дзяцей рознага ўзросту. Яны дазваляюць больш даведацца пра гісторыю свайго краю, культуру свайго народа, выклікаць цікавасць да традыцыйных народных рамёстваў, характэрных для нашай мясцовасці, умацоўваюць сувязь паміж рознымі пакаленнямі, дапамагаюць ашчадна адносіцца да прыродных рэсурсаў, да навакольнага асяроддзя, прывіваюць любоў да сваёй малой радзімы.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Літаратура
 
 
1.Сахутая Я.М. “Беларуская народная кераміка”
   Мн., 1987г;
2.Сахута Я.М. “Фарбы роднай зямлі”, “Нар. асвета”, 1985г;
3.Беларуская кераміка (аўт.тэксту і склад.В. Г.Гаўрылаў, Мінск 1984г;
4. Данілаў В.М. “Урокі мастацкай працы”, “Пач.школа” 2003г №1;
5. Любімава Ю.С. “Зварот да айчыннай мастацкай спадчыны”, “Пач. школа”2000 №7;
6.Маршак М. “Даведнік па Палессю”, выд.Брэст 1935г;
7. “Навіны Палесся” ад 25 верасня 2002г;
8. “Настаўніцкая газета” ад 24 студзеня 2006г;
9. Тахута М.В. “Беларуская народная кераміка”, выд. “Мінск” 1982г.
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
              
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Матэрыялы
на абласны конкурс на лепшую распрацоўку эколага-краязнаўчага маршрута “Здоровое лето”.
Намінацыя “Мой родны кут”
 
 
 
                                        Выканаўцы:
                            1.Грыб Ніна Віктараўна, вышэйшая катэгорыя,
     тэл. 36-4-33
                   2. Пешка Галіна Іванаўна, першая катэгорыя
                        3. Кісель Сафія Міхайлаўна, першая катэгорыя